ГІСТОРЫЯ ШКОЛЫ
У 1890 годзе адкрылася першая трохкласная школа з інтэрнатам і сталовай. Гэта школа была адна на ўсю Курынскую воласць. Навучалася ў ёй каля 100-120 вучняў.
Паралельна з трохкласнай школай у 1900 годзе была адкрыта царкоўна-прыходская школа. У 1907 годзе была пабудавана пяцікласная школа і рамеснае вучылішча, у якім выкладалася сталярная справа.
З 1895 па 1896 год, а потым – з 1919 па 1925 і з 1934 па 1941 гады працуе настаўнікам пачатковых класаў у Курынскай школе Фанкевіч Я.І. Звестак аб тым, якой была школа на працягу 30 гадоў не захавалася.
У 1926 годзе ствараюцца першыя піянерскія атрады ў школе.
У 1927-1928 навучальным годзе ў школе навучалася 124 вучні, з іх: з сямей рабочых – 2, беднякоў – 3, сераднякоў – 65, заможных – 49, служачых – 5. Сацыяльны склад вучняў, скончыўшых школу: з беднякоў – 4, сераднякоў – 17, заможных – 5, служачых – 2. Усяго скончыўшых школу – 28: з беднякоў – 4, з сераднякоў – 17, з заможных – 5, са служачых - 2 (Звесткі аб колькасці і сацыяльным складзе вучняў школ Віцебскага раёна за 1927-1928 навучальны год – Ф.571, воп.1, справа 527).
На 1 студзеня 1929 года сацыяльны склад вучняў быў наступны: дзяцей беднякоў навучалася 22 вучні, сераднякоў – 94, служачых – 1. Дзяцей з сямей рабочых, батракоў, заможных, гандляроў не было. Школу ў той час наведвала 118 вучняў чатырох груп, з іх: хлопцаў – 77, дзяўчат – 41. ( з даведкі Віцебскаму РАНА 03.03.1929 г. загадчыка школы П.Міканенкі – Ф.571, воп.1, спр.570, л.2).
У 1937 годзе школа рэарганізавана ў сямігадовую. З 1 верасня 1937 года па 21.06.1941г. Курынскую сярэднюю школу ўзначальвае Перапечын Яфрэм Фёдаравіч.
У 1941 годзе фашысты спалілі Курынскую сямігадовую школу. Але яе дзейнасць спынілася ненадоўга. Яшчэ ішла вайна, а з першага жніўня 1944 года ў Курынскую няпоўную школу Суражскім РАНА накіравана Якаўлева М.Я. выкладчыкам фізікі і матэматыкі ў 5-7 класы. З 14 лістапада Марыя Яўціхіеўна пачала працаваць заг.вучэбнай часткі школы. Якаўлева Марыя Яўціхіеўна - дырэктар Курынскай НСШ па 1 жніўня 1946 года. Разам з дзецьмі перажыла радасць Перамогі ў 1945 годзе. З верасня 1946 года яна была пераведзена ў Сураж на пасаду дырэктара вячэрняй школы.
Перапечын Яфрэм Фёдаравіч працаваў дырэктарам Курынскай сямігодкі Суражскага раёна. Яфрэм Фёдаравіч – капітан у адстаўцы, дырэктар, дэпутат Курынскага сельскага Савета, настаўнік, але і самадзейны артыст. Лекцыі, канцэрты, вечары, сходы, дні жывёлаводаў – ні адно з гэтых мерапрыемстваў не абыходзілася без удзелу сельскай інтэлігенцыі. Перапечын Я.Ф. да 1964 года працаваў настаўнікам гэтай жа школы. Памёр 2 кастрычніка 1984 года.
У 1947 годзе школу ўзначальвае Сысоеў Васіль Уласавіч (выкладае гісторыю, геаграфію, рускую мову). Працуюць настаўнікі: Шумілкіна Л.І.(намеснік), Цітова Н.Ф., Меркачова В.Ц., Баброва М.С., Ласімовіч Г.А., Патапенка Е.Д.(піянерважатая), Шчэрба Н.М., Сокалаў Т.С. – фізрук (Ф.3953, воп.2, спр.8, 108). Дырэктар школы Сысоеў В.У. – былы вязень канцлагера ”Асвенцым“.
У канцы ліпеня 1949 года ў школу накіраваны настаўнікам арыфметыкі Осіпаў Аляксандр Пятровіч, які працаваў у 1940 годзе на Расоншчыне ў в.Сяляўшчына пасля заканчэння Віцебскага педвучылішча.
1 верасня 1950 года школа прымае вучняў: у пачатковыя класы - 40 вучняў, у 5-ыя - 48, у 6-ыя - 50, у 7-ыя - 23. Усяго каля 150 вучняў.
У 1951 годзе падлеткі 14-15 гадоў і настаўнікі школы ў летні перыяд працуюць на Суражскай дзіцячай аздараўленчай пляцоўцы ў в.Курына, на якой праходзіла аздараўленне каля 50 дзяцей Суражскага раёна на базе Курынскай школы.
У 1952-1953 н.г. у школе працуюць: Перапечын Я.Ф. (дырэктар), Цітова Н.Ф., Дзергачова (Міхайліна) Валянціна Васільеўна, Меркачова В.Ц., Белагузава Н.І., Баброва М.С., Шчарбенак І.А., Міхайлін Н.П., Пясецкая Е.А.
На пачатак 1953-1954 н.г. Курынская беларускамоўная школа налічвае: у пачатковых класах – 12 вучняў, у 5-7кл. – 82. Агульная плошча памяшкання – 185 кв.м, колькасць класных пакояў – 4, плошча класных пакояў – 160 кв.м, колькасць вучняў, якія займаюцца ў першую змену – 94, прышкольны ўчастак – 0,5га. (Спіс школ на пачатак 1953-1954 н.г., Ф.2797, воп.2, спр.46).
Курынская сямігадовая беларускамоўная школа на пачатак 1956-1957 н.г. налічвала 54 вучня (Спіс сямігадовых школ на пачатак 1956-1957 н.г.”, Ф.2797, воп.3, ліст 46).
Курынская сямігодка налічвае на пачатак 1957-1958 н.г. 64 вучні. Будынак школы 1950 года будоўлі, плошча – 192 кв.м, сцены драўляныя, дах – з цёсу, электрычнасці – няма, цэнтральнага ацяплення – няма, патрабуе капітальнага рамонту, колькасць пакояў – 4, вучэбная майстэрня – адна (60 кв.м) (стар.171, фонд 2797, вопіс 3).
На пачатак 1962/1963 н.г. школа налічвае 148 вучняў:1клас – 7 вучняў, 2 – 8, 3 – 8, 4 – 12, 5 – 26, 6 – 22, 7 – 33, 8 – 22 вучні.(План сеткі школ, Ф.2797, воп.3, спр.817, л.40).
Загадам №100 РАА ад 25.08.1964 года дырэктарам школы прызначана Сазонік А.Д. Са жніўня 1964 года па жнівень 1966 года ўзначальвае школу Сазонік Ала Дзмітрыеўна, пры ёй заказаны праект новай школы. Яе муж, Філат Фёдаравіч, займае пасаду старшыні калгаса ”Шлях Леніна“. Рашэннем праўлення калгаса быў фінансіраваны праект новай школы. У 1965 годзе школа рэарганізавана ў васьмігадовую. У 1966г. атрымалі пасведчанні аб заканчэнні васьмігодкі 20 выпускнікоў, а ў 1 клас залічана 5 вучняў. Са жніўня 1966 года Сцепянкоў Андрэй Якаўлевіч працуе ў Курынскай васьмігодцы настаўнікам геаграфіі і гісторыі. А з верасня гэтага ж года прызначаны дырэктарам. З 1966 года па 1978 год выкладае хімію і біялогію Сцепянкова Аляксандра Сцяпанаўна, з’яўляецца загадчыцай прышкольнага ўчастка.
Будуецца новая двухпавярховая школа, пасаджаны вялікі фруктовы сад, папаўняецца матэрыяльная база школы. А 1 верасня 1969 года (сучасны будынак школы) школа прымае вучняў.
З 1969 года Курынскую васьмігадовую школу ўзначальвае Арцёменка Галіна Еўдакімаўна, член КПСС. На базе школы праводзіліся раённыя і абласныя семінары. У школе ўведзена кабінетная сістэма. Галіна Еўдакімаўна ўзнагароджана знакам ”Выдатнік народнай асветы“, граматай міністэрства адукацыі БССР, званнем ”Ударнік 9-й пяцігодкі“, ”Пераможца сац.спаборніцтва“.
У 1970г. залічана ў 5 клас 12 вучняў з розных пачатковых школ сельсавета. У 1971г. у школу залічана 8 першакласнікаў, у 4 клас – 16 вучняў.
Працуе ў школе з 1969 па 1993 год настаўнікам рускай мовы і літаратуры Падабед Валянціна Пятроўна, якая ў 1976 годзе за творчую добрасумленную працу ўзнагароджана указам Прэзідыума Вярхоўнага Савету БССР ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. А 3 кастрычніка 1980 года Валянціне Пятроўне прысвоена званне Заслужанага настаўніка БССР. Падабед В.П. у 1985 годзе выйшла на пенсію, але працягвала працаваць яшчэ 8 год. Настаўніца мае 49 год педагагічнага стажу.
У 1972 годзе ствараецца школьны музей імя Міхаіла Сільніцкага, рабоце якога ўдзялялася шмат ўвагі.
Пасаду дырэктара васьмігодкі з ліпеня 1984 года займае Чарняўская Браніслава Францаўна, якая выкладае і гісторыю. У 80-х гадах зроблена эстэтычнае афармленне ў сучасным стылі рэкрэацый другога паверха, піянерскага пакоя, настаўніцкай, кабінетаў. Школа з’яўляецца базавай ІУН для навучання кіраўніцкіх кадраў. Семінары для кіраўнікоў школ сталі традыцыйнымі. У цэнтры ўвагі былі піянерская і камсамольская арганізацыі. Аб школьным жыцці друкуе ”Ленінская праўда“. У 1991 г. Браніславе Францаўне прысвоена першая кваліфікацыйная катэгорыя настаўніка-выхавацеля, а ў 1992 – вышэйшая – настаўніка. Пакідае працу ў Курынскай сярэдняй школе-садзе Браніслава Францаўна ў 1998 годзе.
У 1989 годзе педагагічны калектыў Курынскай школы працуе над рэарганізацыяй музея імя Міхаіла Сільніцкага ў музей баявой славы імя М.Ф.Сільніцкага. У 1991 годзе школу наведваюць удзельнікі раённага семінара кіраўнікоў калгасаў і саўгасаў, якія наведваюць і школьны музей, аб чым сведчаць памятныя запісы ў кнізе наведвальнікаў.
З 1993 года школай кіруе Раманава Таісія Анатольеўна. Першага верасня 1995 года Курынская базавая школа перайменавана ў сярэднюю школу-сад.
У 1995-1996 гадах у школе-садзе налічваецца 130 вучняў і выхаванцаў дзіцячага садка.
У 2003-2004 годзе на базе школы праводзіцца вопытна-эксперыментальная работа па кіраванню школай па канчатковых выніках. Задзейнічаны ўсе педагогі школы на чале з адміністрацыяй школы, псіхолагам Максімавай С.А. пад кіраўніцтвам Ганны Сяргееўны Мяцеліца (кандыдата педагагічных навук з ІУН). Праводзіцца раённы семінар для намеснікаў па выхаваўчай рабоце на тэму ”Развіццё творчых здольнасцей вучняў і выхаванцаў дзіцячага садка ў сістэме пазакласнай і пазашкольнай работы“. Удзельнікам семінара прапанаваны наступныя мерапрыемствы: ”Восеньскі кірмаш“ (у дзіцячым садку), пасядзелкі ”Матулін ручнік“ (у сельскай бібліятэцы), спартыўна-забаўляльная праграма ”Бульбяное шоу“ (у спартыўнай зале).
У 2004 годзе школа атрымала статус УА ”Курынскі дзяржаўны дзіцячы сад-сярэдняя школа“. На базе школы адбываецца раённы семінар для загадчыкаў ДДУ на тэму ”Сучасныя тэндэнцыі развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі“.
Курынская сярэдняя школа – сад узнагароджана дыпломам за трэцяе месца ў раённым аглядзе – конкурсе ”Школа года – 2003“. Калектыў узнагароджаны за актыўны ўдзел у раённым фестывалі ”Беларусь – мая Айчына“ у намінацыі ”Гісторыка – краязнаўчая работа“. У лютым 2003 года краязнаўчы гурток ”Спадчына“ пад кіраўніцтвам Анашка С.І. займае 2-е месца ў абласным занальным аглядзе-конкурсе ў намінацыі ”Летапісанне родных мясцін“.
Віцебскае раённае аддзяленне Беларускага фонда міру ўзнагародзіў школу за другое месца па выніках першага этапа раённай эстафеты патрыятычных спраў, прысвечанай 60-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь. Піянерская дружына імя М.Ф.Сільніцкага – пераможца другога этапа абласнога агляда – конкурсу дзейнасці піянерскіх дружын, за захаванне і развіццё піянерскіх традыцый.
У 2004г. калектыў атрымаў пасведчанне ўдзельніка ІІІ Рэспубліканскай выставы метадычных матэрыялаў і рэкламнай прадукцыі па праблемах дзіцячага руху. Бычкоўская Насця, вучаніца 10 класа, атрымала ліст ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Г.Лукашэнкі за ўдзел ва Ўсебеларускай акцыі ”Ліст Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь“. АА ”БРСМ“ ўзнагароджвае каманду школы за другое месца ў раённым конкурсе пярвічных арганізацый АА ”БРСМ“ ”Школьны марафон“.
Пузырэўская Алена Генрыхаўна прызначана намеснікам дырэктара ў 2010 г. па асноўнай дзейнасці школы і працавала па май 2012 года.
У 2011 годзе атрымалі ўзнагароды і падзякі педагогі і вучні школы: інструментальны ансамбль ”Курынскія лыжкары“ пад кіраўніцтвам В.В.Бондарава атрымаў дыплом другой ступені ў намінацыі ”Інструментальная музыка“ у раённым этапе рэспубліканскага агляду-конкурсу ”Здравствуй, мир!“.
У 2012г. дырэктарам прызначаны Нікалаевіч Аляксандр Сяргеевіч. Школе нададзены статус базавай школы, установа мае назву ДУА ”Курынская дзіцячы сад-базавая школа Віцебскага раёна“.
У 2013г. намеснікам дырэктара па асноўнай дзейнасці прызначаны Салаўёў Дзмітрый Віктаравіч.
У красавіку 2020г. школу узначальвае Касцюковіч Уладзімір Мікалаевіч, а ў студзене 2021г. школа атрымала назву ДУА ”Курынская дзіцячы сад- базавая школа Віцебскага раёна імя Героя Савецкага Саюза М.Ф.Сільніцкага“. Апошняе перайменаванне школы адбылося ў жніўні 2022 года ДУА ”Курынская базавая школа Віцебскага раёна імя Героя Савецкага Саюза М.Ф.Сільніцкага“.
З 1 снежня 2022г. школу узначальвае Сушко Ігар Генадзьевіч.









